Адкрыццё навучальнага года ў нядзельнай школе ў Чэрвені

Нажмите для увеличения  "Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца". Менавіта гэтыя словы з Кнігі Выслоў'яў Саламонавых убачылі госці, якія прыйшлі на адкрыццё навучальнага года нядзельнай школы царквы "Дабраслаўленне" г. Чэрвень. Гэтыя словы не толькі ўпрыгожылі дом малітвы, але і вызначылі дух усяго свята.

     Адкрыццё адбылося 29 верасня 2012 г., у суботу. Мэтай было не проста пачаць навучальны год, а прывесці ў школу новых дзетак, найперш хлопчыкаў, якія праз некалькі гадоў маглі б скласці брацкі падмурак самой царквы.

     Агулам запрасілі каля 20 дзяцей узросту ад 4 да 14 гадоў; у выніку прыйшло 11 дзяцей, 5 з іх на той момант яшчэ не наведвалі нядзельную школу. Большасць з "навічкоў" былі разам са сваімі татамі, аднаго хлопчыка прывёў ягоны дзед. Тое, што мужчыны самі прыйшлі ў царкву з дзецьмі, а не пакінулі гэта жонкам, не можа не радаваць.

     Першай дзеяй свята быў урок для дзяцей і бацькоў пад назвай "Дзеля чаго патрэбна нядзельная школа?" Урок зладзіў пастар царквы Калеснік А.Ю. Ён параўнаў жыццё без Бога з блуканнем па цёмным лесе без святла, дзе ў цемры чакаюць яміны, абрывы, каменне; а Божае Слова параўнаў з ліхтарыкам, які асвятляе дарогу. Гэта параўнанне, ўзятае з Бібліі. "Слова Тваё - сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй", запісана ў Кнізе Псалтыр.

     Падчас урока дзеці, што ўжо наведваюць нядзельную школу, спелі 2 псалма і разам з пастарам выканалі музычны твор ансамблем блок-флейтыстаў.

     Па заканчэнні ўрока дзяцей чакаў "Шлях дабра". Так называлася гульня, якая адбылася на тэрыторыі дома малітвы. На гэтым шляху дзеці дапамагалі доктару знайсці лячэнне для хворага на сум пацыента (пункт "Паліклініка"),  разбіралі

сцяну крыўды паміж двума сяброўкамі (пункт "Разбор завалаў"), траплялі дроцікам ў патрэбны шарык на спартыўным пункце, а таксама наведалі  "Музей дабра". Нарэшце, кожную з дзвюх каманд чакаў "Дабраметр", які задаваў дзецям даволі складаныя жыццёвыя пытанні і ацэньваў адказы. Напрыканцы гульні дзеці атрымалі запрашэнне працягнуць шлях па дарозе дабра ў нядзельнай школе.

     Пасля гульні ўсе маглі падсілкавацца за сталом, які падрыхтавалі сёстры царквы "Дабраслаўленне". Старэйшыя дзеці неўзабаве разбегліся гуляць у мяч ды настольны тэніс, а малодшыя адправіліся рабіць малюнак "Бог стварыў увесь сусвет". Потым і старэйшыя дзеці праявілі свае здольнасці да руплівай працы, робячы каляндары. Для пастара гэта быў зручны час пагутарыць з бацькамі, яшчэ раз давесці да іх важнасць настаўлення дзяцей у Божым Слове ўпачатку жыцця.

     Свята завяршылася агульным зборам у доме малітвы. Дзеці атрымалі ў падарунак зборнік евангельскіх гісторый – "Кнігу аб Ісусе Хрысце Збаўцы сусвету".

     Падчас усяго дня ў Чэрвені было сонечнае цёплае надвор'е, хаця раніца пачыналася з моцнага туману.

     Калі паглядзець на тых бацькоў, што прыйшлі самі альбо далі дзецям дазвол прыйсці на гэтае свята, можна заўважыць: усе яны ў той ці іншай ступені знаёмыя з пастарам Алегам Калеснікам, з усімі ён падтрымлівае стасункі, з некаторымі цягам некалькіх гадоў. Гэта сведчыць аб тым, што новыя дзеці не прыйдуць з ніадкуль. Трэба спачатку сеяць жаданне наблізіцца да Бога ў сэрцах бацькоў, у сэрцах саміх дзяцей, і толькі пасля атрымліваць плады гэтай працы.

     Хто з новых дзетак прыйшоў у царкву наступным днём? Толькі адзін хлопчык, што жыве па суседству. Ад гэтага факта не мусяць апускацца рукі. Сам факт прыходу дзяцей з бацькамі на адкрыццё навучальнага года ёсць перамога. Зараз неабходна маліцца за тых дзяцей, іх бацькоў і працаваць далей, каб прыйшоўшы першы раз у нядзельную школу, дзеці самі захацелі наведваць яе штотыдня.

     Свята было арганізавана сумеснымі намаганнямі братоў і сясцёр з Чэрвеня і Мінска.

Аляксей Войцік