Дзве падзеі ў Чэрвені

Мінулыя субота і нядзеля – 20 і 21 верасня 2014 года – азначыліся адразу дзвюма падзеямі ў жыцці царквы «Дабраслаўленне» г. Чэрвеня. Пачнем з больш позняй.

     У нядзелю 21 верасня пачаўся новы навучальны год у нядзельнай школе. Урокі ў гэты дзень не ладзіліся, а замест іх, па добрай традыцыі, дзяцей пасля набажэнства чакала незвычайная гульня. У ёй дзеці адправіліся шукаць скарб. Па дарозе неабходна было прайсці праз некалькі «пунктаў», выканаць на кожным з іх заданні і атрымаць фрагмент карты. Напрыканцы, калі карта была складзена, апынулася, што з аднаго боку яна змяшчае верш з Бібліі: «Зьбірайце сабе скарбы на небе». Паколькі ніхто з дзяцей не здолеў прыдумаць, як патрапіць на неба, прагучала прапанова-запрашэнне: наведваць нядзельную школу, каб з маленства пазнаёміцца з Тым, Хто жыве на небе – з Богам, Каторы абяцае даць Сваім верным вучням «спадчыну нятленную, чыстую, неўвядальную».

     Адваротны бок карты змяшчаў схему. Пошукі па ёй былі няпростымі, але выніковымі: дзеці знайшлі пад зямлёй куфар з залатымі «манетамі». Гэты «скарб» удзельнікі гульні  падзялілі паміж сабой, а пасля салодкага стала, каторым завяршылася свята, толькі адзінкавыя «манеты» ўсё яшчэ шамацелі ў дзіцячых кішэнях...

     Гэтая падзея ў жыццi некаторых дзяцей з’явiлася вынікам іншай 

падзеі, што адбылася мінулым днём - евангелізацыi.

     У суботу 20 верасня ў г. Чэрвень на дапамогу братам і сёстрам з чэрвеньскай царквы прыехалі вернікі з Мінска. Сабраліся, памаліліся, падзяліліся на 8 груп па 2-3 чалавека і выйшлі ў горад. У кожнай групы быў свой «праваднік» – мясцовы брат ці сястра, што ведаў горад. За кожнай групай быў замацаваны пэўны раён. Званілі ў дзверы дамоў і кватэр, часам стукалi ў вокны, калi не было званкоў, віталіся з людзьмі на вуліцах. Запланаванае адкрыццё навучальнага года ў нядзельнай школе стала добрай нагодай для запрашэння ў царкву бацькоў разам з дзецьмі, дзядуляў і бабуль разам з унукамі, дый увогуле ўсіх, хто цягнецца да Бога.

     Нехта можа падумаць, што такімі малымі сіламі наўрад ці можна што-небудзь зрабіць. Прыблізны падлік паказвае, што за 2 з паловай гадзіны кожная з васьмі груп зладзіла каля 25 сустрэч – агулам 200. Калі ўявіць, што кожная сустрэча ўплывае на сям'ю з чатырох чалавек, атрымліваем 800 чалавек – амаль 10% насельніцтва г. Чэрвень.

     Хочацца, каб тыя дзеці, што першы раз прыйшлі ў нядзельную школу царквы «Дабраслаўленне», працягнулі наведваць яе цягам года. Хочацца, каб за імі прыйшлі ў царкву іх бацькі. Таксама хочацца пажадаць удзельнікам евангелізацыі запрашаць у царкву сваіх знаёмых і суседзяў з той жа смеласцю, з якой запрашалі незнаёмых людзей.

Войцiк А.

Нажмите для увеличения